Ніл Гілевіч

Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзьвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.

Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сьніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.

I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.

О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,
Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, –
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,
А пад злодзеем хмыліцца злодзей,
А пад лёкаем мыліцца лекай,
Аі пад гнусам капошыцца гнуc,
А пад гэтым усім – беларус?

2002

"Падымiся над бядой i болем,
Калi ты не кволы чалавек... "
Я – не волат. Я бываю кволым.
Часам слёзы блiснуць з-пад павек.

Над сваёй бядой, сваёй загубай
Я ўздымуся... Ды не дай ты бог,
Каб над болем Бацькаўшчыны любай
Я падняцца калi-небудзь мог!

Даруйце, родныя бары i пушчы,
Зямлi бацькоўскай неацэнны скарб,
Што - не глухi i не сляпы - вiдушчы -
Не чуў, не бачыў вашых слёзных скарг.

Ламаў вам рукi варвар, рэбры трушчыў,
Смалiў агнём, жалезамi крамсаў...
Даруйце, родныя бары i пушчы:
Не ведаў я, што з вамi гiну сам.

Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы,
Што замiналi цябе цалаваць.
Першы маток павуцiны бялёсы.
Пах пераспелай травы ў галавах.

Недзе на пожнi рыпелi калёсы.
Недзе натужна маторы гулi...
Грэшнае шчасце на грэшнай зямлi.
Жнiвень... Арэхi... I жоўтыя восы...

1965

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?

Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?

Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы – сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!

Iсцiна, адвечная, як свет:
Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.
За надзеяй — боль зняверу ўслед.
За пашанай — прынiжэння сорам.
За святлом знаходкi — горыч страты,
За агнём любвi — разлукi снег.
За абдымкамi — падножка здрады...
Iсцiна, адвечная, як свет.